Каля адной трэці еўрапейцаў кажуць, што ім прыходзіцца адмаўляцца ад аднаго прыёму ежы ў дзень

link

На гэтае суб’ектыўнае адчуванне апытаных аказвае ўплыў вельмі шмат элементаў.

 .

Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/JerzyGorecki

Прыкладна адна трэцяя еўрапейцаў заяўляе, што іх фінансавае становішча дрэннае. Найгорш у Грэцыі і Малдове, дзе так лічыць палова жыхароў. Такія вынікі былі атрыманыя ў ходзе апытання, праведзенага па заказу французскай арганізацыі Secour Populaire Francaise.  

Амаль адна трэцяя еўрапейцаў прымушаныя адмовіцца ад аднаго прыёму ежы ў дзень у выніку дрэннага матэрыяльнага становішча, а звыш адной трэці — адмовіцца ад лячэння. Апытанне было праведзена ў 10-ці еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Польшчы. Што цікава, у Польшчы каля 12, 5% апытаных назвалі сваю матэрыяльную сітуацыю вельмі цяжкай. Гэта менш, чым у Вялікабрытаніі (14%), і значна менш, чым у Сербіі і Румыніі (звыш 20%).

Госць Польскага радыё Славамір Каліноўскі (Sławomir Kalinowski) з Інстытуту развіцця вёскі і сельскай гаспадаркі Польскай акадэміі навук звяртае ўвагу на тое, што гэта суб’ектыўнае адчуванне апытаных асоб.

— На гэтае суб’ектыўнае адчуванне апытаных аказвае ўплыў вельмі шмат элементаў — палітычная сітуацыя ў дадзенай краіне, тое, ці толькі што прайшлі выбары, ці яны неўзабаве пройдуць. Наша стаўленне да ўлады мяняецца, і, адпаведна, мяняецца наша адчуванне ўласнага становішча. Мы бачым, што бедных людзей у Польшчы адносна мала ў параўнанні з некаторымі іншымі краінам, якія, у прынцыпе, багацейшыя. Але варта звярнуць увагу, што, скажам, у Францыі парог беднасці складае 1400 еўра на чалавека. Гэта ў пераліку на польскую валюту больш за 6 тыс. Злотых. У Польшчы гэты парог значна ніжэйшы, таму і паводле статыстыкі, менш людзей, якія не дацягваюць да гэтага парогу.

Такім чынам, атрымліваецца, што, нават калі ў людзей адносна нядрэннае матэрыяльнае становішча, яны могуць адчуваць, што жывуць бедна, паколькі блізкія суседзі ці сваякі жывуць значна лепш.

— Я нагадаю, што ў Польшчы парог крайняй беднасці складае 913 злотых, калі чалавек жыве адзін, і крыху больш чым 620 на аднаго чалавека, калі гэта сям’я з бацькамі і дзецьмі. Так што, як бачым, гэтае адчуванне беднасці і багацця зусім розныя — у Францыі бедны той, у каго менш за 6 тысяч злотых даходу, а ў Польшчы парогі значна меншыя. І таму, на маю думку, адсотак апытаных, якія заявілі, што яны бедныя, у розных краінах залежыць ад уяўлення аб заможнасці тых асоб, якія ўдзельнічалі ў даследаванні.

Зразумела, вы гаворыце пра людзей, у якіх суб’ектыўныя адчуванні, што яны бедныя. Але калі ў гэтых даследаваннях выйшла, што частка апытаных адмаўляюцца ад спажывання ежы ці візіту ў лекара, не кажучы ўжо пра падарожжы, адпачынак, дык гэта ўжо хутчэй не адчуванні, а факты.

— Канешне, гэта так. Калі такая вялікая група — адна трэцяя — гаворыць, што яна не можа рэалізаваць важную патрэбу, гэта выклікае трывогу. Нават калі гэта адчуванне, а не факт, то і так гэта трывожны знак для ўладаў. Калі людзі не могуць рэалізаваць свае патрэбнасці, гэта ўплывае на ацэнку ўладаў і іх дзеянняў — як рашэнні, якія прымаюць улады, уплываюць на магчымасць рэалізацыі нашых патрэб.

А скажыце, калі ласка, якія рашэнні дзяржаўных уладаў вы лічыце найбольш эфектыўнымі, калі гаворка ідзе пра барацьбу з беднасцю ў Еўропе. У розных краінах улады ажыццяўляюць розныя стратэгіі. Якія, на вашу думку, самыя правільныя?

— Гэта вельмі складана. Мы не павінны глядзець праз прызму таго, што ў нейкай дзяржаве дзякуючы канкрэтным крокам уладаў маштаб беднасці паніжаецца. Неабходна ладзіць рэгіянальныя, а нават лакальныя праграмы. Тое, якія інструменты трэба выкарыстаць, залежыць ад канкрэтнай сацыяльнай групы ў канкрэтным месцы. Скажам, фінансавыя сродкі, якія атрымліваюць прадстаўнікі бедных слаёў грамадства, могуць стаць інструментам выхаду з беднасці, але яны могуць таксама замацоўваць гэты стан, паколькі ў людзей не будзе матывацыі нешта рабіць. Канешне, сацыяльная дапамога вельмі важная, яна часам ратуе жыццё, аднак, калі прааналізаваць розныя сістэмы сацыяльнай дапамогі, акажацца, што ў кожнай ёсць свае станоўчыя і адмоўныя бакі. Няма такой сістэмы, якая зменшыць беднасць да ўзроўню, які быў бы задавальняючы.

У Польшчы каля 2, 5 мільёнаў чалавек знаходзіцца пад пагрозай крайняй галечы. Гэта вельмі шмат.

— А здавалася б, што ў нас багатая сістэма сацыяльнай дапамогі. Тым не менш, маштаб беднасці расце, паколькі ён залежыць ад шматлікіх элементаў. Ці наша сістэма падштурхоўвае людзей быць больш актыўнымі, шукаць працу, ці толькі крыху прыкрывае праблему. Адны толькі грошы не заўсёды дапамогуць вырашыць пытанне. Трэба, каб яны былі спалучаныя з праграмамі працоўнай актывізацыі, тады частка людзей, якім пагражае галеча, змогуць вырвацца з гэтага становішча.

Крыніца: Першая праграма Польскага Радыё

нг